МЕХАНІЗА́ЦЫІ СЕ́ЛЬСКАЙ ГАСПАДА́РКІ БЕЛАРУ́СКІ НДІ Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1947 у Мінску на базе Бел. н.-д. станцыі механізацыі сельскай гаспадаркі (засн. ў 1933 на базе створанага ў 1930 Бел. філіяла Усесаюзнага НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі). У 1961—93 Цэнтр. НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Нечарназёмнай зоны СССР. З 1994 сучасная назва. Асн. кірункі навук. даследаванняў: прагназіраванне развіцця механізацыі сельскай гаспадаркі, распрацоўка занальнай сістэмы машын і ацэнка эфектыўнасці выкарыстання с.-г. тэхнікі, матэрыяльных і энергет. рэсурсаў, распрацоўка аўтаматызаваных энергазберагальных тэхналогій і тэхн. сродкаў для экалагічна бяспечнага выкарыстання ўгнаенняў і ядахімікатаў, механізацыі глебаапрацоўкі і паляпшэння с.-г. угоддзяў, для кормавытворчасці і жывёлагадоўлі, вырошчвання, уборкі і пасляўборачнай апрацоўкі асн. с.-г. культур. У складзе ін-та 13 н.-д. лабараторый і 3 дапаможныя аддзелы, спец. канструктарска-тэхнал. бюро, эксперыментальны завод, доследная вытв-сць у Ждановічах. Аспірантура з 1948. Выдае міжведамасны тэматычны зб. «Механізацыя і электрыфікацыя сельскай гаспадаркі». У ін-це ў розны час працавалі акад. АН БССР Ю.А.Вейс, акад. УАСГНІЛ і АН БССР М.Я.Мацапура, акад. УАСГНІЛ С.А.Лазараў, чл.-кар. УАСГНІЛ М.А.Сазонаў, чл.-кар. АН БССР Ф.А.Алейка, д-р тэхн. н. В.В.Кацыгін; працуюць акадэмікі Рас. акадэміі с.-г. навук і Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь М.М.Севярніў, І.С.Нагорскі і інш.
т. 10, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)